МАЗДАКІ́ЦКІ РУХ,
народны рух у дзяржаве Сасанідаў у 490 — канцы 520-х г. Ідэалогіяй М.р. было рэліг.-філас. вучэнне маздакізм, якое ўзнікла ў канцы 3 ст. Гал. змест вучэння — ідэі барацьбы Святла (Дабра) і Цемры (Зла), усеагульнай роўнасці, падзелу маёмасці. Рух узнік ва ўмовах эканам. і паліт. крызісу, росту ўплыву арыстакратыі і аслаблення царскай улады, разарэння іранскіх сялян, многія з якіх з-за жорсткага шлюбнага заканадаўства не маглі стварыць сям’ю. Быў падтрыманы царом Кавадам I [488—496, 499—531]. Прыхільнікі маздакізму занялі важныя дзярж. пасады, кіраўнік М.р. Маздак стаў адной з першых асоб дзяржавы. Маздакісты захоплівалі маёмасць знаці і аддавалі яе бедным, было палегчана шлюбнае заканадаўства. Аслабіўшы арыстакратыю, Кавад I у канцы 520-х г. парваў з маздакізмам, а яго сын Хасроў задушыў М.р. Маздак быў пакараны смерцю.
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)